Штогод 21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Свята гэта, абвешчанае 17 лістапада 1999 года на 30-й сесіі ЮНЕСКА, накіравана на заахвочванне моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі і спрыяе ўсведамленню моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменні, цярпімасці і дыялогу. Зараз у свеце налічваецца каля 6 тысяч моў, і, па прагнозах спецыялістаў, недзе 40 % з іх у бліжэйшы час могуць знікнуць. Таму невыпадкова, што гучыць заклік зберагчы кожную мову як увасабленне ўнікальнага светабачання, як жывую і найкаштоўнейшую спадчыну народаў. «Родная мова, – як зазначыў у 2009 годзе генеральны дырэктар ЮНЕСКА Каіхіра Мацуура, – неацэнна для кожнага з нас. На роднай мове мы гаворым нашы першыя словы і найлепш выказваем свае думкі. Гэта тая аснова, на якой усе людзі будуюць сваю асобу з моманту свайго першага ўздыху, і яна тое, што арыентуе нас на працягу ўсяго жыцця. Яна з’яўляецца спосабам, з дапамогай якога можна навучыць паважаць сябе, сваю гісторыю, сваю культуру і галоўнае – іншых людзей з усімі іх асаблівасцямі».
Для большасці жыхароў Рэспублікі Беларусь роднай з’яўляецца беларуская мова.Беларуская мова адносіцца да ўсходнеславянскай падгрупы індаеўрапейскай моўнай сям’і. Яна, безумоўна, мае шмат агульных граматычных і лексічных рыс з рускай і ўкраінскай мовамі. Аднак і спецыфічных адметнасцей багата ў нашай роднай мове. Гэта дзеканне і цеканне, аканне і яканне, зацвярдзелыя зычныя і суседняя мяккасць, у нескладовае і апостраф. А колькі самабытных беларускіх слоў!